У Лоеўскім раёне шмат не прыдатных для пражывання кватэр

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці на пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні рэгулявання жыллёвых адносін, у тым ліку выдзяленне і эксплуатацыя жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання.

Дарэчы, фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання пачаў фарміравацца з пачатку 2012 года і ствараўся са свабодных (ці тых, якія вызваліліся) жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Сёння існуе дастаткова праблем, якія звязаны з камерцыйным жыллём. Гэта і немагчымасць забяспечыць такім жыллём усіх, хто жадае, — бо яго не хапае. З другога боку, асобныя памяшканні ўвогуле непрыдатныя для пражывання.

Для будаўніцтва новага камерцыйнага жылля, рамонту наяўнага патрабуюцца значныя сродкі, і іх штогод прыносіць камерцыйны жылфонд — у выглядзе платы за яго выкарыстанне. Аднак не заўсёды атрыманая плата ў поўным аб'ёме ідзе на патрэбныя мэты.

Так, адпаведнымі прававымі актамі прадугледжана абавязковае залічэнне на спецыяльныя рахункі аблвыканкама, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый платы за карыстанне такімі памяшканнямі. Добрасумленныя мясцовыя выканаўчыя органы накіроўваюць гэтыя сродкі на набыццё, будаўніцтва жылых дамоў ці кватэр пад жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання, а таксама на правядзенне бягучага рамонту незаселеных памяшканняў камерцыйнага жылфонду. Гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць без дадатковага адцягнення бюджэтных сродкаў будаваць новае і паляпшаць наяўнае камерцыйнае жыллё.

Разам з тым маніторынг паказаў, што на Гомельшчыне далёка не ўсе балансатрымальнікі добрасумленна ставяцца да абавязку па пераліку на спецыяльныя рахункі платы, якая паступае за карыстанне камерцыйным жыллём. Напрыклад, з 2016 года ў Буда-Кашалёўскім раёне не пералічана больш за 80 % сродкаў, якія паступілі ад грамадзян, у Ельскім і Петрыкаўскім — больш за 70 %, у Брагінскім — больш за 58 % такіх сродкаў. Усяго з 21 раёна Гомельскай вобласці ў 14 дапускаліся падобныя факты. З гэтай прычыны вобласць недаатрымала на спецыяльныя рахункі больш за 650 тысяч рублёў.

Як правіла, гэтыя сродкі расходуюцца на бягучыя патрэбы балансатрымальнікаў жылых памяшканняў. Часова адцягваюцца на выдаткі, не звязаныя з эксплуатацыяй камерцыйнага жылля. Пасля выдаткаваныя грошы праблематычна адшукаць і залічыць на спецыяльны рахунак.

Варта адзначыць, што ў складзе камерцыйнага жылфонду ёсць нямала памяшканняў, якія не заселены з-за іх непрыдатнасці для пражывання. Пры правільным выкарыстанні сродкаў такія незаселеныя памяшканні можна паступова прыводзіць у належны стан. У будучыні гэта магло б дазволіць пэўнай колькасці грамадзян вырашыць сваё жыллёвае пытанне, а дзяржаве павялічыць эфектыўнасць камерцыйнага жылфонду.

Між тым пасля праверак кантралёраў і прыпынення выпадкаў непералічэння балансатрымальнікамі памяшканняў камерцыйнага выкарыстання на спецыяльныя рахункі дзяржаўных органаў грашовых сродкаў грамадзян за іх карыстанне ў бюджэт паступіла больш за 560 тысяч рублёў.

Спецыялісты Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці таксама зацікавіліся: як выкарыстоўваецца фонд камерцыйнага жылля, які сфарміраваны з дзяржаўнага жыллёвага фонду. Былі выяўлены факты безгаспадарлівасці ў стаўленні да дзяржаўнай маёмасці.

Напрыклад, на момант маніторынгу ў Лоеўскім раёне пры наяўнасці 89 пустуючых жылых дамоў дзяржаўнага жыллёвага фонду фактычна толькі тры знаходзіліся ў здавальняючым стане. 25 дамоў мелі патрэбу ў правядзенні капітальнага рамонту, астатнія аднаўляць ужо ўвогуле не мае сэнсу, бо ў іх сур'ёзна пашкоджаны канструкцыйныя элементы і інжынерныя сістэмы.

Адсутнасць належнага кантролю з боку мясцовых улад і балансатрымальнікаў жыллёвага фонду за яго захаванасцю прывялі да таго, што на момант агляду сёлета ў лютым дзевяць дамоў было разабрана да падмурка. Часткова дэмантаваны дахі і апорныя сцены яшчэ чатырох жылых дамоў.

Акрамя таго, у Лоеўскім раёне было выяўлена 53 кватэры дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія не адпавядалі неабходным для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. 34 з іх знаходзіліся на балансе КЖУП «Лоеўскі райжылкамгас» і размешчаны ў шматкватэрных жылых дамах. Гэтыя памяшканні былі абсталяваны ўсімі інжынернымі камунікацыямі і маглі цалкам вырашыць жыллёвае пытанне сем'яў.

Разам з тым у 29 кватэрах дэмантаваны ўваходныя дзверы, вокны, зрэзаны ацяпляльныя прыборы, разабраны падлогі, а ў некаторых цяпер толькі звалкі і начлежкі. Пры гэтым у кватэрах па суседстве жывуць звычайныя сем'і. Напрыклад, у 18-кватэрным жылым доме № 2 па вуліцы Маладзёжнай у вёсцы Уборак 11 кватэр цалкам непрыдатныя для пражывання.

Безгаспадарлівасць прывяла да таго, што аднавіць гэта жыллё без значных выдаткаў ужо немагчыма. Хоць спачатку трэба было толькі абмежаваць доступ у гэтыя памяшканні і падтрымліваць іх у належным стане. Пры гэтым на пачатак года ў Лоеўскім раёне на ўліку стаяла 512 чалавек, якім патрэбна жыллё.

Матэрыялы ўсіх кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў накіраваны ў Гомельскі аблвыканкам, мясцовыя выканаўчыя камітэты, а таксама балансатрымальнікам для прыняцця мер рэагавання, ліквідацыі выяўленых парушэнняў і навядзення парадку. Цяпер вядзецца планамерная работа па выпраўленні сітуацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ? "Звязда"