План прыёму выкананы

Гомельская абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, створаная на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці, абагульніла звесткі і падвяла вынікі правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі вобласці. Аб гэтым больш падрабязна нашай газеце расказаў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельшчыны К.І.Таранаў.

Асноўныя намаганні пры ажыццяўленні кантролю за правядзеннем такіх выпрабаванняў былі накіраваны на выкананне заканадаўства пры прыёме ў навучальныя ўстановы, забеспячэнне роўных і справядлівых умоў для ўсіх тых, хто паступае, абарону іх законных правоў і інтарэсаў.Дзякуючы сумеснай рабоце камісій па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў і прыёмных камісій навучальных устаноў прыём абітурыентаў ва УВА праведзены аб’ектыўна і без абгрунтаваных скаргаў.У гэтым годзе не абышлося без парушэнняў з боку абітурыентаў. Так, пры правядзенні ўнутраных уступных іспытаў у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі і Гомельскім філіяле ўстановы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны ўніверсітэт “МИТСО” за выкарыстанне даведачнага матэрыялу і сотавага тэлефона былі выдалены 2 абітурыенты.На 2133 месцаў, устаноўленых кантрольнымі лічбамі прыёму на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, пададзена 3453 заявы, гэта значыць у сярэднім на адно месца прэтэндавала 1,62 чалавека.На 620 месцаў завочнай формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту пададзена 1582 заявы. Агульны конкурс склаў 2,55 чалавека на адно бюджэтнае месца.Па выніках уступных выпрабаванняў і выніках конкурснага адбору ва УВА вобласці на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту залічана 2133 чалавек, на платнай аснове - 1124, на завочную форму навучання за кошт сродкаў бюджэту залічана 620 чалавек, на платнай аснове - 1522 чалавека.Планы прыёму на бюджэтныя месцы выкананы ўсімі УВА вобласці.У той жа час план прыёму па мэтавай падрыхтоўцы не выкананы Беларускім дзяржаўным універсітэт транспарту (на 20 мэтавых месцаў залічана 16 абітурыентаў).

Вынікі ўступнай кампаніі гэтага года паказалі, што конкурс на бюджэтныя месцы дзённай формы ва ўсіх навучальных установах у залежнасці ад спецыяльнасці значна адрозніваўся.Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце ім. Ф.Скарыны на спецыяльнасць “Правазнаўства” конкурс склаў 9,2 чалавека на месца, а на спецыяльнасць “Беларуская філалогія” - 1,2 чалавека на месца. У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце ім. П.В.Сухога на спецыяльнасць “Маркетынг” на 1 бюджэтнае месца прэтэндавала 11 чалавек, а на спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя электрапрывады” - 1,1 чалавека.Самыя высокія прахадныя балы па выніках уступнай кампаніі склаліся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце ім. Ф.Скарыны па спецыяльнасцях “Правазнаўства” (324), “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” (314), “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (313) і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце ім. П.В.Сухога па спецыяльнасці “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў” (321).

За час правядзення ўступнай кампаніі ў абласную камісію паступіла 12 вусных зваротаў ад абітурыентаў і бацькоў, па кожным з якіх дадзены неабходныя тлумачэнні. Большасць зваротаў патрабавала прадастаўлення даведачнай інфармацыі (парадак і тэрміны прыёму дакументаў ад абітурыентаў, удзел у конкурсе на мэтавыя і платныя месцы, працэдура залічэння і інш.).

Па выніках работы камісій па кантролі Гомельскай абласной камісіяй выпрацаваны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні парадку правядзення ўступных выпрабаванняў.Прапанавана разгледзець пытанне аб замене кантрольнага нарматыву “Плаванне 50 м” на іншае практыкаванне, якое адпавядае зместу вучэбнай праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (да прыкладу бег на 1,5 км), бо ў большасці школ прадмет “Плаванне”, а таксама неабходная інфраструктура адсутнічаюць.Акрамя таго, з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў прапанавана скараціць колькасць пунктаў правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, а таксама скараціць тэрміны прыёму дакументаў на платную форму навучання, укараніць інфармацыйную базу электронных сертыфікатаў замест выдачы папяровых.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.