Нахабства межаў не ведае?

Жыхар Гомеля самавольна захапіў больш за пяць сотак зямлі каля самага Цэнтральнага рынку. На іх ён пабудаваў дом і памяшканні, якія выкарыстоўваюцца пад склады мясцовымі прадпрымальнікамі. Намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці Андрэй Прыкота адзначае, што больш за пяць гадоў Гомельскім гарвыканкамам не прымаюцца меры, каб вызваліць прынаднае месца ад самавольных пабудоў.

— Згодна з той інфармацыяй, якая ў нас ёсць, грамадзянін з'яўляўся дырэктарам камерцыйнай структуры па вытворчасці мэблі. Да таго ж, здаваў у арэнду прадпрымальнікам незаконна пабудаваныя склады. Яму і дагэтуль праз дарогу носяць тавар для захоўвання. Пра гэты факт у гомельскім гарвыканкаме ведаюць больш за два гады. Але ж, пэўна, ёсць нейкая маўклівая згода, — лічыць Андрэй Прыкота. — Гавораць, што ў чалавека трое дзяцей і таму гэты дом не будуць зносіць. Між тым ва ўласнасці гэтага грамадзяніна яшчэ зарэгістраваны жылы дом плошчай 900 кв. м у пасёлку Паляны Чонкаўскага сельсавета і кватэра. Згодна з заканадаўствам, легалізаваць гэтую самавольную капітальную пабудову на самавольна занятым участку не атрымаецца. Ёсць толькі адзін варыянт — знос.

А тым часам грамадзянін робіць самавольныя ўрэзкі да водаправода, газу, электрычнасці. Пратаколы адпаведныя службы складаюць, яго адключаюць, а ён робіць гэта зноў. Між тым продаж толькі гэтага зямельнага ўчастка праз аўкцыённыя таргі дазволіў бы забяспечыць дадатковае паступленне ў мясцовы бюджэт не менш за Br0,4 млрд.

Кантралёры здзіўляюцца і іншым фактам безгаспадарчага стаўлення да зямлі ў абласным цэнтры, дзе попыт на ўчасткі і іх кошт у 5—10 разоў вышэйшыя, чым у раёнах. (Кадастравая вартасць зямельных участкаў у цэнтры Гомеля пад офісы за 1 кв. м складае $160. Пад індывідуальную забудову — больш за $30.)

У межах праверкі выяўлена больш за 40 зямельных участкаў агульнай плошчай 3 га, якія зараслі пустазеллем і хмызнякамі, а ў многіх выпадках захламленыя смеццем. Два гады таму супрацоўнікі КДК паведамлялі пісьмова ў Гомельскі гарвыканкам, што такія землі ёсць на вуліцах Пляханава і Рагавога.

Летась Гомельскім гарвыканкамам у раёне індывідуальнай жылой забудовы Раманавічы была праведзена інвентарызацыя. Прадпісанні накіраваны па 600 зямельных участках. Больш чым палова грамадзян пасля гэтага прыступілі да асваення, 170 ад участкаў адмовіліся, а астатнія ніякіх мер не прынялі. Ужо сёлета супрацоўнікі КДК выявілі 40 зямельных участкаў у першародным стане. Згодна з заканадаўствам, калі грамадзянін на працягу года хаця б не заклаў фундамент жылога дома, зямельны ўчастак канфіскуецца. У той жа час каля 1000 чалавек налічваецца ў чарзе жадаючых атрымаць зямлю.

Усяго па выніках праверак, праведзеных летась, выяўлена больш за 710 га зямлі, якая не выкарыстоўваецца, у Веткаўскім, Добрушскім, Лоеўскім, Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці. Цяпер Камітэтам дзяржкантролю Гомельскай вобласці разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці асоб, якія дапусцілі парушэнні зямельнага заканадаўства.

Газета "Звязда" от 30.01.2016. Автор: Ирина Асташкевич